ЧАРНЫШО́ВА ТЭА́ТРЫ,

1) бел. тэатральная трупа ў 18—1-й пал. 19 ст. Існавала ў рэзідэнцыі графа З.​Р.​Чарнышова ў г. Чачэрск Гомельскай вобл. да 1802, аркестр да 1828. Складалася з прыгонных спевакоў, хору, аркестра, мела спец. тэатр. памяшканне. Часам у спектаклях разам з прыгоннымі акцёрамі выступалі аматары-дваране (опера «Новая сям’я» Фрэйліха на лібрэта С.​Вязміцінава, 1787).

2) Тэатральны будынак (арх. Брыгонзі) у г. Магілёў, узведзены паводле загаду Чарнышова ў 1780 каля ген.-губернатарскага палаца на Гандлёвай плошчы. Паказы ў тэатры пачалі італьян. опера («Фальшывы астраном», «Фраскатанка», «Апошняя палюбоўніца» Дж.​Паізіела) і прыдворная капэла з Пецярбурга. Прыгонны аркестр Чарнышова (паводле складу малы сімфанічны) суправаджаў спектаклі, іграў на балях, прыдворных святах. Паводле некат. звестак, у 1789 была паказана камедыя Буасі «Французы ў Лондане».

т. 17, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)